Новости26 января 2025 года Выборы Президента Республики Беларусь

14 октября 2021 г.

897654.jpg

Быць маці – найгалоўнейшае і асноўнае прызванне любой жанчыны – лічыць шматдзетная маці з вёскі Альхоўкі Тэрэса Іосіфаўна Гражуль-Гульбінская.
Жанчына нарадзіла васьмёра (!) дзяцей – з іх двойчы на свет з’яўляліся блізняты. З мужам светлай памяці Віктарам яны выгадавалі сямёра дачок і сына годнымі, сумленнымі, працавітымі людзьмі, якія знайшлі сваё месца ў жыцці і за якіх не сорамна – перад людзьмі і Богам. Больш таго, жанчына ўжо бабуля 15-ці ўнукаў і ўнучак. 
Пра радасці і цяжкасці мацярынства, жаночы лёс і сакрэты выхавання маці-гераіня расказала нашаму журналісту за кубачкам духмянай гарбаты.

Шматкватэрны дом у Альхоў­цы, у якім жыве Тэрэса Іосі­фаўна, туліцца да сасновага лесу. Глянеш у акно – і позіркам зачэпіш сонечныя зайчыкі, якія гулліва сноўдаюць па дрэвах. Апошнія гады жанчына жыве адна, хоць усё жыццё яе атуляюць дзеці: спачатку браты і сёстры, пазней – шматлікія пляменнікі, а потым і свае дзеці. 
Сцяжынка да бацькоўскага дома не зарастае: любімую матулю і бабулю часта адведваюць дзеці і ўнукі. А на вялікія святы кватэра Тэрэсы Іосіфаўны напаўняецца вясёлымі размовамі, смехам і дзіцячым шчабятаннем.

IMG_1066.jpg

  – Ніколі не задумвалася, колькі ў мяне будзе дзяцей. Божачка даў дзіця – і на яго дасць. Гэта цяпер – адзін-два, а раней вялікія сем’і былі, дружныя, пад адным дахам жыло некалькі пакаленняў, – распачынае аповед мая суразмоўца. – Нарадзілася я ў вёсцы Шульнікі. Наш дом быў цагляны, але зараз там толькі калодзеж застаўся. Пазней бацькі купілі хату ў Баравых. Тата быў арандатарам: абрабляў зямлю, людзей наймаў – трэба было ж карміць столькі душ. Маці нарадзіла 12 дзяцей: старэйшы брат з 1929 года, а я, малодшая, з 48-га. Праўда, да сталага ўзросту дажылі толькі васьмёра, астатнія рана памерлі. 
– Маці строгай не была, але, калі распусту якую зробім, скарачом у плечы атрымлівалі, – усміхаючыся, узгадвае дзяцінст­ва гераіня. – На нас бацька ніколі нават голасу не павысіў. Тата для мяне ідэал мужчыны. Магчыма, як самая апошняя, я была яго пястухай, увесь час ля яго круцілася. Бацька меў прыгожыя доўгія вусы – і я любіла залезці да яго на калені і закручваць іх. 
З дзяцінства Тэрэса, як і большасць вясковых дзяцей, не цуралася ніякай работы: і кароў даіла, і сенавала на роўных са старэйшымі. 
 – Аднойчы падчас бульбакапання мяне, як самую малую, адправілі з поля дадому па воркі, а я, загуляўшыся з сяброўкамі, іх так і не прынесла. Тата, канешне, ушчуваў мяне – гэта было самым вялікім пакараннем, – успамінае жанчына. – З Баравых за некалькі кіламетраў мы пешшу хадзілі ў школу ў Міхалішкі – і ўсе моцныя былі, здаровыя. Прызнацца, вучыцца я ленавалася, ды і паганяць мяне не было каму. Бацька меў некалькі класаў адукацыі, мама  была непісьменнай. Калі вечарам доўга з кніжкамі сядзела, яна шкадавала, думала, што мне надта цяжка. А мне ж, вядома, як і кожнаму дзіцяці, лепш пагуляцца, чым чытаць.
Калі Тэрэса вучылася ў старэйшых класах, у Міхалішкаў­скую школу прыслалі маладога пры­гожага настаўніка Вікта­ра Гражуль-Гульбінскага. Дзяў­чы­на нават і падумаць не магла, што гэта яе лёс. 
– Калі закончыла школу, Віктар у кіно запрашаў, шпацыравалі разам. Хоць і старэйшы за мяне на 11 гадоў, але глянуўся: выхаваны, спакойны, тактоўны. Ажаніліся, калі мне яшчэ і 19-ці гадоў не было, – працягвае Тэрэса Іосіфаўна. – У школе ён вёў матэматыку, фізіку, пазней працаваў ваенкіраўніком і настаўнікам працоўнага навучання і фізкультуры. А я на фаб­рыцы была лабарантам.
Спачатку маладыя жылі з баць­камі Тэрэсы ў Баравых у невялікай хатцы, дзе ў іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Потым кіраўніцтва фабрыкі вы­дзеліла іх сям'і чатырохпакаёвую кватэру ў Альхоўцы. 
– Мой муж быў падобны да таты: справядлівы, інтэлігент­ны, працавіты. Да дзяцей быў лагодным – я стражэйшая. Калі яны ў нечым правініліся ці пакрыўдзілі кагосьці, браў за руку і вёў, каб прасілі прабачэння. Лічу, што гэта адзін з галоўных урокаў выхавання, – разважае мая суразмоўца. – Гэта цяпер дзіця можа капрызіць: не хачу, не люблю, не буду. Раней такога не было: не слухае – у кут. Нашкодзяць, сварацца – я не шукала вінаватых. Потым папросяць прабачэння: «Мамачка, даруй!» Дзе ж будзеш доўга злавацца: абдымеш, прытуліш, паца­луеш…
– Калі нарадзілася пятая, Валюша, не было з кім яе пакінуць – такіх малых у садок не бралі, таму мусіла звольніцца. Працавала і вартаўніком, і тэхнічкай, каб больш часу было і бліжэй да дому, – узгадвае жанчына. – Дзякаваць Богу, не галадалі. Памочніцай і дарадцай для мяне была працаўніца фельдчарска-акушэрскага пункта Ганна Бранцэвіч – граматны медык, як кажуць цяпер, ад Бога. Прыбяжыць, паслухае дзіцятка, параіць, чым лячыць. Галоўны сродак ад кашлю ў мяне быў камфарны спірт: натру малое, укручу – і праз некалькі дзён «хрыпка» знікала. У бальніцы з дзецьмі ляжала толькі 2 разы – з Данай па нявопытнасці і з Палінай. Жэнечцы рабілі аперацыю: выразалі апендыцыт, але яна адна ляжала, казала: «Мама, едзь, я буду адна – мне не страшна». Дзеці мае былі самастойнымі: з 10-ці гадоў жалі. Яны былі наперадзе, а я ззаду.
Гражуль-Гульбінскія трымалі вялікую гаспадарку – некалькі кароў, цялят, свіней, курэй, вырошчвалі збожжа. Першымі і галоўнымі памочнікамі былі дзеці. А зімнімі доўгімі вечарамі яны збіраліся разам і слухалі казкі бабулі ці разам чыталі кніжкі.
– Дачушкі і сын з маленства да працы прывучаны, – гаворыць жанчына. – Многія думаюць, што мне цяжка было – гэта не так. За гадзіну абеду паспявала на веласіпедзе з’ездзіць у Баравыя, вярнуцца і яшчэ спарадкаваць малако.
Каб не заблытацца ў імёнах, прашу расказаць Тэрэсу Іосі­фаў­ну больш падрабязна пра ўсіх яе дзетак.
– Першай нарадзілася Дана – у лютым, праз год – Палінка, яшчэ праз год – блізняты Чэся і Эля. Праз 7 гадоў «знайшлі» Валюшу, яшчэ праз 7 – дачушку Жэню, а праз няпоўныя 3 гады ізноў Бог паслаў блізнятак – Вераніку і сыночка Сашу. Дана, Чэся і Эля сталі настаўнікамі. Валя вывучылася на бухгалтара, а Палінка скончыла тэхнікум гандлю – стала поварам. Яна ўвесь час смяялася, што прафесію ёй з дзяцінства прадказаў бацька. Каб не шкодзілі, дзяцей страшылі, маўляў, не лезь туды – а то воўк выскачыць. А дачушка цалкам вымавіць слова не магла і казала «кок». А муж смяяўся: вырасцеш – будзеш кокам! Амаль што ў ваду глядзеў. Палінка ў Гродне засталася. Яе муж двойчы чэмпіён свету па ракетамадэльным спорце, а іх дачушка на Еўропе перамагала. У Дануты – дарэчы, не так даўно ваша газета пісала пра яе – двое дзетак, вышэйшую адукацыю маюць. У Чэсі – трое, у Элі – двое, у Валюшы – дачушка. Мой хлопец, Сашка, працуе будаўніком у сталіцы. Жэня ў калгасе аграномам… Дзякаваць Богу, усе свае сем’і маюць. Я багатая бабуля: маю 8 унукаў і 7 унучак. Самаму старэйшаму – трыццаць другі год пайшоў, а самаму малодшаму,  нашаму маханькаму мужычку, – трэці. 
– Светлай памяці муж Віктар родам з гервяцкай стараны з вёскі Попішкі. Яго сям’я таксама была шматдзетнай. Ужо 17 гадоў, як я ўдава. Пражылі разам амаль 40 гадоў: па восені адзначалі б юбілей сумеснага жыцця, але ў лютым мужа не стала, – вочы жанчыны завільгатнелі ад слёз. – Якім быў Віктар? – яна на імгненне змаўкае, а потым працягвае: – Не ведаю, ці балючая яго рука ці не – ніводнага разу нават не замахнуўся. А без спрэчак ніхто не пражыве – такога не бывае. Але ўсё вырашалі разам, і грошы агульныя былі.
Тэрэса Іосіфаўна ніколі не баялася цяжкасцей: не толькі дзяцей гадавала, працавала, але і больш за 15 гадоў даглядала свякроў, маці – інакш не магла, не дазволіла б сумленне.
– Цяпер, пагляджу, як толькі бацькі няўдалымі робяцца, некаторыя дзеці іх у Міхалішкі адвозяць. Ніколі гэтага не разумела. Што блізкі чалавек дагледзіць, а што чужы – розніца ёсць, і вялікая. Маладыя ж не думаюць, што і яны некалі старымі і нямоглымі будуць, што іх можа напаткаць такі ж лёс, – працягвае жанчына. – У мой час нават і думкі такой не магло ўзнікнуць. Каб я некалі мужу сказала: «Давай здадзім тваю маці»! Крый, Божа! І ніколі не зразумею, чым кіруюцца жанчыны, якія кідаюць сваіх дзяцей. Наша прызванне – быць маці. Я выгадавала васьмёра – і не магу ўявіць, як гэта любіць кагосьці больш, а кагосьці менш, ці даць некаму лепшы кавалак, а другога абдзяліць. У нашай сям’і была завядзёнка: купленыя цукеркі дзялілі на роўныя кучкі: на дзяцей, мужа, мяне і бабулю.
– Цяпер, пагляджу, як толькі бацькі няўдалымі робяцца, некаторыя дзеці іх у Міхалішкі адвозяць. Ніколі гэтага не разумела. Што блізкі чалавек дагледзіць, а што чужы – розніца ёсць, і вялікая. Маладыя ж не думаюць, што і яны некалі старымі і нямоглымі будуць, што іх можа напаткаць такі ж лёс, – працягвае жанчына. – У мой час нават і думкі такой не магло ўзнікнуць. Каб я некалі мужу сказала: «Давай здадзім тваю маці»! Крый, Божа! І ніколі не зразумею, чым кіруюцца жанчыны, якія кідаюць сваіх дзяцей. Наша прызванне – быць маці. Я выгадавала васьмёра – і не магу ўявіць, як гэта любіць кагосьці больш, а кагосьці менш, ці даць некаму лепшы кавалак, а другога абдзяліць. У нашай сям’і была завядзёнка: купленыя цукеркі дзялілі на роўныя кучкі: на дзяцей, мужа, мяне і бабулю.
З вышыні і глыбіні пражытых гадоў Тэрэса Іосіфаўна лічыць, што галоўнае – трымацца разам, бо дружная сям’я, дзе любяць, падтрымліваюць і дапамагаюць адзін аднаму – самае важнае ў жыцці.
– Мы дружнымі былі, хоць мае старэйшыя браты і сёстры выехалі ў Вільнюс, але на вялікія святы абавязкова збіраліся ў бацькоўскім доме. І мае дзеці горнуцца адзін да аднаго, хоць у кожнага свая сям’я, хапае турбот і клопатаў, – зазначае жанчына. – У нас ёсць традыцыя: усе, у каго атрымліваецца, па суботах збіраюцца ў мяне: палім лазню, парымся, а потым дзелімся навінамі.
Нядаўна ажно пяцёра ўнукаў у мяне гасцілі: Алінцы 9 гадоў, Паўліку і Ганне-Тэрэзе па 8, Сафійцы 5, а Ромачку 3 будзе ў лістападзе. Што толькі ні рабілі: будавалі шалашы ў кватэры з падушак і крэслаў, пледы цягнулі з шафы… Душа радавалася, што працягваецца наш род. Відаць, лёсам мне накавана ўвесь час быць з дзецьмі. І я шчаслівая!


Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!


Вернуться в раздел Новости26 января 2025 года Выборы Президента Республики Беларусь

Вы были перенаправлены на мобильную версию. Ссылка на полную версию находится внизу сайта.
Единый день информирования 2023 годЕдиный день информирования населения Во исполнение Указа Президента Республики Беларусь от 16 июня 2003 г....

Открыть раздел Единый день информирования 2023 год
The LineAct Platform