Новости26 января 2025 года Выборы Президента Республики Беларусь

30 сентября 2020 г.

Вёска Керплашына зна­ходзіцца ў Гервяц­кім сель­савеце, непадалёк Гір. Пасе­лішча гэта ніколі не вызна­чалася вялікімі памерамі. Па расповедах жыхароў, тут было ўсяго 10 хат – дарэчы, яны і сёння стаяць. Цяпер жылыя 4 дамы, 3 – сталі дачамі для родзічаў колішніх гаспадароў, цягне дзяцей да сваіх вытокаў родная старонка. 

Астатнія хаціны «трымаюць месца» – раптам зной­дзецца той, каго зачаруе прыгажосць і ўтульнасць гэтага ціхага кутка Гервяцкай зямлі, хто палюбіць яго ўсім сэрцам  і саўе тут сямейнае гняздзечка. 

43.jpg


Што ў імені тваім

– Першая згадка пра вёску датуецца 1762 годам, калі тут пасяліўся чалавек з Рым­дзюн па імені Моцка, здаецца, – гэта быў першы жыхар. Згодна з перапісамі, у нашым паселішчы фігурыравалі толькі тры прозвішчы: Урбановіч, Кармаза і Петрык. Самая вялікая колькасць людзей была ў 1834 годзе – больш за 30, – расказаў жыхар Керплашыны Аляксей Антоненка. – Наша вёска ніколі не мела такога  статусу – гэта быў хутар, а дакладней – засценак. Нават на старадаўніх польскіх картах ён пазначаны. Калі я цікавіўся ў мясцовых, ніхто не патлумачыў, што азначае «керплашына». Як ні дзіўна, меркаванне наконт сэнсу назвы мне выказаў рускі чалавек, які добра ведае літоўскую мову. Аказваецца, «керплеше» ў перакладзе з літоўскай – «корч». Так што наша вёска, магчыма, на славянскі манер называлася б Карчы альбо Карчэўнікі. І з гэтым можна пагадзіцца, бо сапраўды ў нас шмат карчоў – яны ляжаць на дне ракі. Бачна, дрэвы, якія раслі па беразе, падалі ў ваду, згнівалі, а пні – яны ж  смалістыя, –  захаваліся. 

«Месца, дзе цёпла душы»

Любоў і Аляксей Антоненкі 

1.jpg



Каля 25 гадоў назад  Керплашына стала другой радзімай для мужа з жонкай Аляксея і Любові Антоненкаў. 

– У 1991 годзе мы вырашылі купіць дачу, – узгадвае былы афіцэр, гараджанін па нараджэнні Аляксей Антоненка. – У гэтай вёсцы жыў наш родзіч светлай памяці Альгердас Урбановіч. Ён і прапанаваў гэта месца.

І сапраўды, мы прыехалі сюды, паглядзелі: прыгожая прырода, рака (Ашмянка. – Заўв. аўт.) непадалёк… Адно толькі: хаты, каб купіць, тут не было. Тады мы набылі дом у Соргаўцах і перавезлі сюды. На месцы, дзе цяпер жывём, было чыстае поле – ні аднаго дрэўца вакол. Мы выкупілі гектар зямлі. Гэты лясок, пачынаючы з 1995 года, як пераехалі на пастаяннае месца жыхарства, самі садзілі: сосны, бярозы, дубы, клёны, рабіну…  

Памянялі літоўскую сталіцу на маленькую беларускую вёсачку Антоненкі тады, калі Аляксей выйшаў у адстаўку. 

–  Калі прыехалі сюды, муж быў ужо на пенсіі, а я пайшла на работу ў Гервяцкі сельскі Савет, потым перайшла працаваць у Бел­дзяржстрах. Цяпер таксама ўжо на пенсіі, –  расказвае Любоў.

– Мы ж карэнныя вільнюсцы, –далучаецца Аляксей. – Я служыў там у МУС. Калі расфарміравалі падраздзяленне, там жа, на радзіме, прапанавалі пасаду ва Узброеных сілах – дзе служыў, пакуль не разваліўся Савецкі Саюз і не пачаўся вывад расійскіх войскаў з Літвы. А тады мы з жонкай сталі перад выбарам. Грамадзянства літоўскае атрымаць не мог, паколькі савецкая краіна перастала існаваць і я стаў служа­чым арміі замежнай дзяржавы. Па той жа прычыне не далі і від на жыхарства, хоць быў карэнным жыхаром.  

Ваенную часць Аляксея пера­водзілі пад Маскву. Туды Анто­ненкі ехаць не хацелі, бо ўсе іх родныя, у тым ліку і старэйшы сын, засталіся ў Літве. Яны вырашылі, што, жывучы на Астравеччыне, будуць бліжэй да сваіх, змогуць з імі часцей бачыцца. Тым больш і Аляксей ужо мог выйсці на пенсію. 

Сямейная пара пачала абжывацца на новым месцы:  завялі гаспадарку – курэй, свіней, коз. 

Двор Антоненкаў.jpg



– Сеялі ячмень, садзілі бульбу… Чаго толькі ні рабілі! Пакуль не зразумелі, што гэта ўсё марна – пясчаная зямля ўраджай давала слабы.  І вырашылі: трэба садзіць тое, што тут расце: агрэст, маліну, клубніцы, буякі... А гаспадарку збылі. Нават кур то каршуны, то лісы цягаюць – нашто ж і падкормліваць?! – смяюцца Антоненкі.

Галоўным захапленнем Аляксея стала пчалярства. 

– Хоць мне і цяжка хадзіць, але гэта самая прыемная справа, – прызнаецца мужчына. – Раней было16 вулляў, цяпер – 11. Пчалярствам займаюся ўжо 25 гадоў. Вучыўся па кнігах. Яшчэ як набылі гэту зямлю, ведаў, што буду пчол трымаць, – таму скупляў спецыяль­ную літаратуру і вывучаў усе тонкасці справы. Нават зімой работы хапае: новыя вуллі зрабіць, рамы падрыхтаваць – гэта вельмі карпатлівая праца, дакладная, памеры да міліметра трэба вытрымаць. 

Дарэчы, Аляксей «хварэе» не толькі пчоламі, цікавіцца ён і гісторыяй месца, да якога пры­кіпела яго душа, і, магчыма, ве­дае пра Керплашыну нават больш, чым яе карэнныя жыхары. 

– Увогуле ў вёсцы, ды яшчэ і седзячы на пенсіі, не засумуеш – заняткаў заўсёды хапае, было б жаданне і сілы рабіць, – гаворыць Любоў. – Ведаеце, неяк злавіла сябе на думцы, што нават зімой не паспяваю адпачыць. Толькі, здаецца, усе справы завершыш да лістапада, там нешта звязаць трэба, нешта падрамантаваць, глядзіш – ужо студзень і прайшоў. І зноў пачынаеш рыхтавацца да новага агароднага сезону: насеннем займаешся, рассадай. У нас дзве цяпліцы, памідоры – хоць кож­ны год, здаецца, змяншаем коль­касць, а іх 30 сартоў застаецца. Грыбы, ягады – без гэтага таксама не магчыма, асабліва калі яны пад бокам, у сваім ляску.

А яшчэ жанчына вельмі любіць кветкі. Яна прызнаецца, што яе многія не разумеюць: як можна да 100 рублёў на цыбулькі і насенне выкідваць! Затое потым усе любуюцца гэтым морам хараства.
 
Нягледзячы на паўсядзён­ную занятасць, некалькі разоў на месяц Любоў паспявае заглянуць і ў рымдзюнскую бібліятэку.

– А як жа без кніг?! – здзіў­ляецца жанчына. – У бібліятэцы мяне добра ведаюць – як новае па­ступленне, адразу тэлефануюць. Вунь і цяпер стос цэлы набрала. Акрамя гэтага, мы і часопісы выпісваем. 

– Некалі я марыў жыць у лесе –  мара здзейснілася! Толькі давя­лося самому пасадзіць і вы­расціць гэты лес, – гаворыць на развітанне Аляксей. – Гэта вёсачка стала для нас радзімай – бо мы ўклалі ў яе сваю душу. Тут мы пабудавалі дом, у якім нам утульна і спакойна. 

«Я тут ад нараджэння»

Вітольд Урбановіч

Вітольд Урбановіч.jpg



Зайшоўшы ў двор Вітольда, з першага погляду зразумела, што тут жыве гаспадар: абкошана, радуюць вока аку­рат­ненькія клумбы і самаробныя штучныя кветкі, дровы, скла­дзеныя паленца ў паленца ўздоўж сцен гаспадарчых пабудоў, выглядаюць як дэкор. А між іншым мужчына – адзінокі!

– Я ў вёсцы ад нараджэння – з 1953 года, гэта бацькоўскі дом, – адчыняе дзверы Вітольд. –  Да пенсіі працаваў на трактары, на камбайне – тая тэхніка ў параўнанні з цяпе­рашняй – пыл.

– Заняўся сёлета рамонтам: веранду зрабіў, падлогу пачаў у хаце фарбаваць, столь трэба падбіць… Хацелася б і вокны памяняць. Думаю, хутка ўсё не атрымаецца – па-першае, я пасля аперацыі на назе, моцна яе не напружыш, а па-другое, грошы ж на ўсё трэба. Корпаюся паціху, – працягвае гаспадар. – Дровы нядаўна прывезлі – трэба было спарадкаваць: напілаваў-нашчапаў – хопіць на зіму, яшчэ і застанецца. Пару гра­дак маю – нарыхтовак ужо ёсць і з агарода, і ў лес за Пет­рыкі крыху хадзіў па грыбы, чарніцы, брусніцы!  

Мужчына гаворыць, што стараецца як мага больш запланавага зрабіць за лета і восень, пакуль надвор’е спрыяе. А на зіму застаюцца справы для душы: Вітольд майструе ўпрыгажэнні з пластыку.

– Бацяноў во зрабіў, пагля­дзі­це, – паказвае на штучную бу­с­лянку майстар. – Зімой тэле­візар гляджу. І раблю штучныя кветкі, падзелкі з пластыкавых бутэлек – не выкідаць жа. А так, калі пастарацца, і двор упрыгожыш. Ідэі прыдумваю сам. Спярша пластык трэба высушыць, зашкурыць, пафарбаваць – па­ва­зіцца адным словам, а тады ўжо нешта майстраваць. Я такой спра­вай займаюся пад настрой. Хачу з камяня яшчэ паспрабаваць што зрабіць – падрыхтаваў вунь, пафарбую, можа, мухамор атрымаецца. (Смяецца.)

Гаспадарку, як і яго адна­вяс­коў­цы, Вітольд не трымае – лі­чыць, патрэбы ў гэтым цяпер ня­ма. 

– Раней былі і свінні, і карова, і куры. Таму і працавалі  больш і цяжэй: накасіць, пакарміць, пачысціць. Сёння прасцей малака купіць у магазіне – аўталаўка ж прыязджае.  

«З гаспадаркі – 2 каты і Рэбусь»

Уладзіслава Петрык

Уладзіслава Петрык.jpg



– Дзетачка мілая, жыву я тут ад малых дзён (ад нараджэння. – Заўв. аўт.), ужо 85-ты гадок пайшоў ад ліпеня, – сустракаючы на парозе, гаворыць бабуля Уладзіслава. 

– Тры гады таму мужык памёр – паціху прызвычаілася жыць без яго. Дзеткі прыязджаюць. А куды ж ім ехаць, як не да мяне, маткі сваёй?! І цяпер дачка з Вільнюса гасціць у мяне.  Як прыязджаюць дзеці, дык парадкуюцца мне тут, але і сама не сяджу, дзеткі мілая: і пасаджу агарод, і папалю яго, і тое, і сёе... Ногі не адключаюцца – «поўзаю».

– У нас раней 10 было хат (маецца на ўвазе, жылых). А цяпер толькі Віцюк жыве, я і Жэнечка (Яўгенія Урбановіч. – Заўв. аўт.) – гэта з даўнейшых, а там наезджыя (Антоненкі. – Заўв. аўт.) пабудаваліся ў ляску, – кажа жанчына. 

З гаспадаркі, як расказвае бабуля,  у яе цяпер толькі 2 каты і Рэбусь  – сабака Рэкс. У мінулым годзе яшчэ куры былі, але як трапіла ў бальніцу, сын іх прадаў. 

– А хто ж будзе карміць, гля­дзець? Гэта кожны дзень рабіць трэба, – тлумачыць гаспадынька. – А болей іх і не нажывала. Ды і колькі тых яёк мне трэба – 10 штук купіла ў аўталаўцы і хопіць на цэлы тыдзень, а калі і гэтага не з’ем.

– Адной жыць цяжка ў маім узросце – і рабіла б, ды спрыт не той і сілы таксама. Да рэчкі сха­джу, у агарод, то сабаку пачухаю, то кату падам што. Па лясах ужо баюся хадзіць. 

Як на пенсію пайшла, не мела часу пасядзець. Мы з мужам трымалі каня, 2 каровы, авечак, свіней, курэй. А бульбы колькі садзілі! Сена нарыхтоўвалі! Божа! Спраў было – рабіць не перарабіць, дзеці заўсёды дапамагаць ехалі, – гаворыць бабуля Уладзіслава. – Вось пашанцавала, што людзі ў нас мілыя: Любачка заўсёды патэлефануе, што аўталаўка прыехала. Ся­джу, чакаю каля тэлефона, калі пазвоніць, тады хутчэй за сумку – і ляту. 

– Хоць мама і старэнькая, і цяжка ёй па гаспадарцы ўпраўляцца – але калі б я ні прыехала, і агарод у яе прапо­латы – ні травіначкі, і паліта ўсё! – далучаецца да размовы дачка Уладзіславы Петрык Ганна. – Яна малайчынка. Не дае сабе расслабляцца, крэпенька трымаецца, рухаецца, па меры магчымасці робіць. І калі куды выбіраецца, то і макіяжык сабе зробіць: крэмам памажацца, па­мадкай вусны падфарбуе і паду­хмяніцца. (Усміхаецца.)

– А зімой чым займаецеся? – цікаўлюся ў бабулі. 

– Ну а што зімой, во – тэле­візар уключыш, то тое, то сёе паробіш у хаце.  Раней вязала – цяпер не магу, рукі хворыя, – адказвае бабуля. – Сяброўкам тэлефаную: у Петрыкі да Яні Гражуль, у Рымдзюны яшчэ да адной жанчыны; мне патэлефануюць – навіны якія раскажуць. Дзякуй богу, што гэтыя тэлефоны ёсць!


Як заўважаюць вяскоўцы,  у па­раўнанні з тым, што было гадоў 20 таму, жыццё ў Керплашыне змянілася да лепшага. Не ў тым плане, што камунікацыі праклалі ці мага­зін пабудавалі – такога і не было ў гэтым засценку. Аднак! Дарогу, па якой на трактары цяжка было прасунуцца, зрабілі і трымаюць яе ў належным стане. Правялі вулічнае асвятленне. Газавыя балоны цяпер не трэба, як калісьці, цягнуць на санках напрасткі цераз поле ў Рым­дзюны, каб памяняць пусты на поўны. Смецце арганізавана выво­зяць. Аўталаўка прыязджае 2 разы на тыдзень. Тэлефонная сувязь ёсць. Праўда, хацелася б жыхарам, каб інтэрнэт лепш «цягнуў» і па мабільнаму каб без перабою дазваніцца... Але гэта невялікія нязручнасці – галоўнае вяскоўцы жывуць там, дзе ім падабаецца, дзе ўтульна, дзе цёпла іх душы. 

Таму ў невялічкай вёсачцы  буяюць краскамі палісады і дагледжаныя двары, імкнуцца ў бацькоўскія хаты дзеці – дапамагчы, праведаць альбо проста адпачыць. 


Количество просмотров: Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!


Вернуться в раздел Новости26 января 2025 года Выборы Президента Республики Беларусь

Вы были перенаправлены на мобильную версию. Ссылка на полную версию находится внизу сайта.
Единый день информирования 2023 годЕдиный день информирования населения Во исполнение Указа Президента Республики Беларусь от 16 июня 2003 г....

Открыть раздел Единый день информирования 2023 год
The LineAct Platform