Праект Варнянскага НПК стаў пераможцам абласнога этапу міжнароднай бізнес-гульні «Пачынаючы фермер».
Конкурс аб’яўлены Гродзенскім саюзам моладзі яшчэ вясной. Каб стаць яго ўдзельнікам, трэба было распрацаваць бізнес-план у адным з аб’яўленых накірункаў, стварыць лагатып і адправіць работу па электроннай пошце.
Астравецкі раён на абласным этапе прадставілі пачынаючыя фермеры з 11 агракласа Варнянскага НПК і іх кіраўнік – настаўнік біялогіі і хіміі Ангеліна Навасельская. Яны распрацавалі праект «Сады Алесі і Антэя», у якім расказалі пра карысць яблыкаў і эфектыўнасць закладкі хуткаплодных садоў з малагабарытнымі кронамі, якія патрабуюць мінімальных выдаткаў і хутка прынясуць даход.
У выніку работу варнянцаў прызналі лепшай у намінацыі «Раслінаводства, садавоцтва, ландшафтны дызайн».
Віншуем аўтараў праекта і жадаем удачы на рэспубліканскім этапе конкурсу.